Некаторы час таму вялікая колькасць людзей увогуле не верыла ў існаванне дэпрэсіі. З «хандрой» раілі змагацца, узяўшы сябе ў рукі, спортам ці, на крайні выпадак, келіхам віна ці бутэлечкай піва.
З цягам часу дзякуючы блогер:кам-псіх:алагіням і псіхаактывіст:кам стаўленне да дэпрэсіі ў грамадстве пачало паступова змяняцца. Усё менш людзей схільныя вінаваціць хворых на дэпрэсію ў слабой волі і ляноце. Аднак разам з пашырэннем ведаў пра дэпрэсію распаўсюджваюцца і стэрэатыпы — так, кажуць пра «моднасць» дэпрэсіі, пра тое, што гэта нешта «для гарадской інтэлігенцыі», пра тое, што дастаткова «сабрацца».
У гэтым тэксце я, журналістка Дар’я Гардзейчык, разважаю пра тое, як дэпрэсію ўсё яшчэ не так разумеюць, як стыгматызацыя не дае людзям своечасова шукаць дапамогу. І як гэта — быць унутры гэтага стану. Я падзялюся кавалкамі свайго асабістага досведу — з дзённіка і з тэрапіі. Каб такім чынам падтрымаць тых, хто праз гэта праходзіць цяпер.
Што «не так» разумеюць пра дэпрэсію?
«У мяне таксама “дэпрэсія”, калі дажджліва»
Па-першае, «дэпрэсія» — гэта размоўны тэрмін. У медыцыне існуюць паняткі «дэпрэсіўнае расстройства» і «дэпрэсіўны эпізод». Дэпрэсіўны эпізод можа таксама быць часткай біпалярна-афектыўнага расстройства.
Па-другое, у масавай свядомасці гэтая самая «дэпрэсія» часта асацыюецца з проста дрэнным настроем або сумам. Але такое спрашчэнне небяспечнае. Калі дэпрэсію перастаюць успрымаць як сур’ёзнае псіхічнае захворванне, якое патрабуе дыягностыкі і дапамогі, яе перастаюць успрымаць усур’ёз — як навакольныя, так і тыя, хто сапраўды пакутуе.
Так, людзі, якія маюць сапраўдныя дэпрэсіўныя эпізоды, пачынаюць сумнявацца ў сваім праве шукаць дапамогу, адкладваюць візіт да спецыяліста:к.
Зніжаны настрой — далёка не адзіны сімптом гэтага захворвання. Псіхіят:аркі выдзяляюць «пяць кітоў», на якіх стаіць дэпрэсіўны стан.
Зніжаны да такой ступені, што чалавеку ў дэпрэсіўным эпізодзе становіцца цяжка адчуваць задавальненне нават ад тых рэчаў, якія раней прыносілі вялікую радасць. Гэта тычыцца як «малых падзей» — чытання цікавай кнігі, добрага надвор’я, станоўчых водгукаў па працы, так і «вялікіх» — вечарыны з сябр:оўкамі, доўгачаканай вандроўкі, падвышэння на працы. Усё гэта або не выклікае аніякіх эмоцый, або гэтыя эмоцыі такія слабыя і кароткія, што чалавек нават не паспявае іх заўважыць на фоне ўсёй журбы, якая амаль не адступае.
Гэтыя думкі немагчыма рацыяналізаваць. Блізкія могуць бясконца пераконваць, што сэнс у жыцці ёсць, што чалавек патрэбн:ая і важн:ая, а ў будучыні ўсё будзе добра. Сам:а чалавек у дэпрэсіўным эпізодзе можа бясконца паўтараць гэта само:й сабе, але лягчэй ад гэтага не становіцца.
Што цікава, пры дзейсным лячэнні — напрыклад, калі чалавек пачынае прымаць антыдэпрэсанты — гэтыя думкі знікаюць самі сабой. Дзіўна назіраць, як пытанні і разважанні пра бессэнсоўнасць уласнага жыцця не выходзілі з галавы доўгія дні, а потым проста зніклі.
Дзіўныя рэчы адбываюцца з памяццю: у дэпрэсіўным эпізодзе чалавек часта забываецца пра важныя падзеі, можа губляць рэчы па няўважлівасці, спазняцца на сустрэчы. Пры гэтым па-за хваробай чалавек можа быць нават надзвычай пунктуальн:ай і адказн:ай, але падчас эпізоду становіцца вельмі цяжка трымаць у галаве і ў фокусе ўвагі простыя рэчы.
Замежныя мовы, якімі чалавек добра валодае, таксама неяк сыходзяць з памяці (праўда, пасля пачатку лячэння вяртаюцца). Нават на сваёй роднай мове становіцца цяжка фармуляваць думкі.
Словы быццам не складаюцца ў сказы, і сэнс напісанага выслізгвае. Зразумела, у такім стане чалавеку, штодзённасць як:ой звязаная з чытаннем і разуменнем тэкстаў (асабліва доўгіх і складаных), становіцца неймаверна цяжка выконваць звычайныя штодзённыя справы. І гэта толькі падкрэслівае думкі пра ўласную няўдаласць і нікчэмнасць.
Вядомае «настолькі дрэнна, што немагчыма нават устаць» — акурат пра гэты эфект. Простыя фізічныя дзеянні выклікаюць неймаверны супраціў. Калі ж чалавек усё ж перамагае гэты супраціў, прывычныя аўтаматычныя дзеянні могуць займаць значна больш часу, чым звычайна, і адчуванне стомы пасля іх значна мацнейшае.
Увогуле, блізкія часта заўважаюць, што чалавек у дэпрэсіўным эпізодзе ўвесь час «нейк:ая стомлен:ая і запаволен:ая», акрамя таго, што сумн:ая і апатычн:ая. Хаця часам для сустрэч з кал:яжанкамі, сябр:оўкамі чалавек можа «сабрацца», з апошніх сіл падтрымліваць размову, весяліць усіх навокал. У тым ліку, каб не падавацца слаб:ой і варт:ай жалю. Або каб пераканаць сам:у сябе і ўсіх навокал, што ўсё нармальна, усё яшчэ можна ўзяць сябе ў рукі. Або, з тых самых перакананняў аб уласнай нікчэмнасці, каб паказацца здольн:ай прынамсі на жарты і падтрымку атмасферы ў кампаніі.

Фрагмент дзённіка падчас дэпрэсіўнага эпізоду. Апісанне настрою
Я як быццам стаю на зэдліку з нацягнутай пятлёй на шыі, і зэдлік у любы момант могуць выбіць. Падаецца, любая маленечкая непрыемнасць — і ўсё, я проста не вытрымаю.
…
Мяне быццам ахутала нейкая вялізная шэрая хмара, і я рухаюся навобмацак без праменьчыка святла. Маё жыццё — гэта чарга няўдач. Я нагадваю сабе, што гэта не так, што я шмат чаго дасягнула і зрабіла, але ўсё дрэннае, што я перажываю, быццам выбудоўваецца ў маёй галаве ў паслядоўны ланцужок. А дасягненні — толькі доказы таго, што я пра**** свой патэнцыял. Ад дрэннага да горшага: нічога ў гэтым жыцці мяне не чакае.
…
Сорам бярэ за сваё існаванне. Навошта я тапчу гэтую зямлю? У тым, што я раблю, няма аніякага сэнсу. Ува мне няма аніякага сэнсу. У жыцці ў прынцыпе няма аніякага сэнсу. Можа, у кагосьці — толькі не ў мяне.
…
Навошта я сябе катую? Навошта кожны дзень прачынацца і дажываць да вечара — і так штодня? Навошта, калі можна гэта ўсё ўрэшце скончыць?
«Вазьмі сябе ў рукі, і ўсё пройдзе»
Гэты міф — адзін з самых трывалых у дачыненні да дэпрэсіі. Ён грунтуецца на няправільным разуменні самой прыроды псіхічных расстройстваў і на перакананні, што ўсё вырашаецца «сілай волі».
Калі табе ў дэпрэсіўным эпізодзе кажуць нешта кшталту «сабярыся», «перастань сябе шкадаваць», то як быццам даюць зразумець (часцей за ўсё несвядома): твой стан — твая віна, ты проста недастаткова стараешся.
Але дэпрэсія — гэта не пра настрой, а пра парушэнне хіміі мозгу. У чалавека змяняецца ўзровень нейрамедыятараў, што ўплывае на здольнасць адчуваць радасць, канцэнтравацца, матываваць сябе. Гэта не тое, што можна «перамагчы» сілай волі.
І адсутнасць матывацыі і энергіі — гэта сімптом, а не прычына.
Як я ўжо казала вышэй, чалавек з дэпрэсіяй часта не можа выканаць нават базавыя задачы. Таму словы «сабярыся» і іншыя матывацыйныя парады могуць выклікаць толькі віну і сорам за тое, што не атрымліваецца.
Сюды ж ідзе стэрэатып аб тым, што «дэпрэсія — толькі ў слабых». Назваць чалавека «слабым», калі ён пакутуе на дэпрэсію, — тое ж самае, што сказаць: «Ты проста не стараешся вылечыць цукровы дыябет». Гучыць абсурдна, праўда?
Урывак з дзённіка
Мне так сорамна. Што цяжкага ў тым, каб проста ўстаць і прыбрацца? Разабраць пральную машыну? Папрацаваць? У мяне ж усё ёсць, чаго мне бракуе? Сонца свеціць, бэз цвіце пад вокнамі, усё нармальна, а я зноў сяджу ў такім гуморы, быццам хтосьці памёр.
Адцягваю дэдлайны. У чарговы раз пішу, што ў мяне дэпрэсія, а саму бярэ такое пачуццё віны. Колькі можна? Ладна б я падчас гэтага прынамсі неяк забаўлялася. Але я проста ляжу. Гляджу ў сцяну. Магу пагартаць інстаграм, але хутчэй чыста аўтаматычна. Чаму я не магу проста быць як іншыя людзі?!
«Раней дэпрэсіі не было»
Гэта сцвярджэнне на самай справе не пра дэпрэсію — а пра стаўленне да псіхічнага здароўя, якое моцна змянілася. Вось што хаваецца за гэтым міфам:
Людзі заўсёды перажывалі стан глыбокай безнадзейнасці, адчаю, жадання ізалявацца ці нават памерці. Але гэтыя станы не называлі «дэпрэсіяй». Маглі сказаць: «Нейкі ён невясёлы», «Яна знясіленая душой», «Захварэла на сэрца».
У Старажытнай Грэцыі Гіпакрат (які жыў у IV ст. да н.э.) апісаў стан, які нагадвае дэпрэсію, назваўшы яго меланхоліяй. Ён лічыў, што меланхолія ўзнікае з-за лішку «чорнай жоўці» і характарызуецца тугой, адсутнасцю жаданняў і парушэннем сну.
Прызнацца ў «эмацыйнай слабасці», тым больш мужчыну, — было сорамна. Пра «псіхічныя хваробы» казалі цішком, а людзей з праблемамі маглі ізаляваць, а не падтрымліваць. Таму дэпрэсію хавалі — у цішыні, у алкаголі, у працы да знямогі.
Напрыклад, у Сярэднявеччы псіхічныя разлады часта тлумачыліся як грэх (успомнім, што маркота — адзін з сямі смяротных грахоў у хрысціянстве). Людзей з дэпрэсіўнымі станамі часта ізалявалі, лячылі малітвамі ці нават каралі. Толькі ў XIX стагоддзі тэрмін «дэпрэсія» пачынае ўжывацца ў медыцынскім кантэксце.
Так, людзі выжываюць і ў самыя цяжкія часы. Але гэта не адмяняе іх пакут. І часта менавіта тады, калі нельга «зламацца», псіхічныя разлады маскіруюцца — бо няма на іх месца, няма мовы, няма дазволу ад грамадства.
А тое, што ўсе раптам сталі «сумнымі», кажа не пра тое, што дэпрэсія стала моднай — моднай стала адкрытасць, жаданне гаварыць пра свой досвед і шукаць дапамогу. У папярэднія дзесяцігоддзі людзі пакутавалі маўкліва. Сёння людзі ўсё часцей дазваляюць сабе прамаўляць: «Мне кепска», «Мне патрэбная дапамога».
Такое клеймаванне «моднай хваробай» можа адбіраць у людзей гатоўнасць звяртацца па падтрымку, асабліва калі гаворка пра падлеткаў ці маладых людзей. Пад выглядам пазёрства можа хавацца рэальнае пакутлівае перажыванне, якое патрабуе не сарказму, а ўвагі.
А што зараз?
У сусветнай медыцынскай супольнасці дэпрэсія ўжо даўно не лічыцца капрызам або праявай слабасці. Гэта — сур’ёзнае клінічнае псіхічнае расстройства, якое ўплывае на працу мозгу, настрой, фізічны стан і агульнае функцыянаванне чалавека.
Сёння мы нарэшце маем мову, каб апісваць тое, што раней хавалася ў цішы. Мы маем класіфікацыі, каб сістэматызаваць досвед, які раней называлі проста «хандрой» або «немагчымасцю сабрацца».
Так, станы, якія мы называем дэпрэсіўнымі, апісаныя ў шостым раздзеле Міжнароднай класіфікацыі хвароб адзінаццатага перагляду (МКХ-11). Гэты раздзел прысвечаны псіхічным разладам, разладам паводзін і парушэнням нейрапсіхічнага развіцця.
Прызнанне дэпрэсіі як хваробы на міжнародным узроўні, у тым ліку яе дакладнае апісанне ў МКХ, мае вялікае значэнне. Гэта дазваляе спецыяліст:кам ва ўсім свеце карыстацца адзінымі крытэрыямі дыягностыкі і лячэння; спрыяе таму, каб медыцынскія сістэмы прызнавалі дэпрэсію як сапраўдную, не менш важную за фізічныя захворванні; дапамагае змагацца са стыгмай, бо пацвярджае, што гэта не «перабольшанне» ці «лянота», а расстройства, якое мае навукова даказаную прыроду і патрабуе комплекснага падыходу.
Фрагмент з дзённіка
Учора пісала артыкул. Невялікі і пра тое, што я добра ведаю. Звычайна на такі сыходзіць тры гадзіны. Я пісала восем. Сарамота.
Гэта нейкі абсурд. Сёння ў банку мне трэба было напісаць прозвішча лацінкай. Я некалькі разоў на тыдзень апошнія гады пішу сваё прозвішча лацінкай. Тут я настолькі затупіла, што доўга ўзгадвала, як пішацца маё прозвішча. Было сорамна прасіць у касіркі глянуць уласны пашпарт. У выніку напісала прозвішча з памылкай: пераставіла дзве літары. Касірка не заўважыла. Калі б заўважыла, я б, пэўна, памерла з сораму.
Раптам вырубіўся тэлефон. Калі ён зломіцца, я проста… усё. Я не вытрымаю эпапею з рамонтамі, я проста — у акно. Дык вось, калі ўключыла, трэба было ўвесці пароль. Увяла правільна з трэцяй спробы. Забыла пароль, які не мяняла гадоў пяць. Што я за чалавек?
Справы на заўтра:
- Урэшце забраць пасылку з пошты (заўтра сканчаецца тэрмін!)
- Змяніць пароль на тэлефоне
- Напісаць рэдактарцы, папрасіць перанесці дэдлайн (зноў…)

«У нашага бухгалтара таксама “дэпрэсія”, таму ён не выплаціць табе заробак», ці Адсутнасць бальнічнага і грамадская стыгматызацыя
Псіхічнае здароўе часта ўспрымаецца як нешта не надта сур’ёзнае ў параўнанні з фізічнымі захворваннямі. Так, на час дэпрэсіўнага эпізоду пацыент:кі ў Беларусі не могуць атрымаць бальнічны, калі яны толькі не ляжаць у шпіталі. Аднак стацыянарная псіхічная дапамога ў Беларусі пакідае жадаць лепшага. Праз перагрузку лекара:к, нізкі ўзровень профільнай падрыхтоўкі псіх:алагінь, якія працуюць у шпіталях, і строгія правілы шпітальнага распарадку (часта нічым не абумоўленыя) пацыент:ка з дэпрэсіяй можа атрымаць моцны стрэс у дадатак да свайго стану. З іншага боку, у сітуацыі цяжкага дэпрэсіўнага эпізоду, калі чалавек знаходзіцца на мяжы самагубства, нават тое, што прапануе беларуская псіхіятрыя — прыём адпаведных медыкаментаў па раскладзе, рэгулярнае харчаванне і брак магчымасці забіць сябе, — здольнае выратаваць жыцці.
Такім чынам, проста атрымаць бальнічны на час дэпрэсіўнага эпізоду — немагчыма. І нават калі чалавек працягвае хадзіць на працу, не факт, што ён там сустрэне разуменне. У Беларусі, дзе рынак працы — гэта перш за ўсё рынак працадаўцы, а не працаўні:цы, чалавечая ўразлівасць мала каго цікавіць. У супрацоўні:цы менш правоў і прасторы казаць пра свае цяжкасці, асабліва калі гэта нешта «нематэрыяльнае», накшталт дэпрэсіі.
Пры тым што, як мы высветлілі раней, кагнітыўныя здольнасці могуць быць зніжаныя настолькі, што чалавек проста не можа якасна выконваць працу.
З улікам нізкага ўзроўню інфармаванасці ў пытаннях псіхічнага здароўя ў Беларусі многія людзі з дэпрэсіяй не могуць разлічваць і на падтрымку блізкіх. Некаторыя ў прынцыпе не вераць у існаванне дэпрэсіўных разладаў, а спісваюць сімптомы на ляноту ці слабую волю.
Многія ўпэўненыя ў тым, што антыдэпрэсанты шкодзяць і прымаць іх не варта.
У выніку чалавек, як:ую падчас дэпрэсіўнага эпізоду і так увесь час непакояць думкі пра ўласную нікчэмнасць і ў яко:й абсалютна няма сіл нешта тлумачыць блізкім, часта адчувае ціск ад тых, ад каго звычайна прынята чакаць падтрымкі.
Абмежаванні ў доступе да адукацыі і працы
У Беларусі на падставе пастановы Міністэрства аховы здароўя № 71 ад 25 ліпеня 2022 года людзей з біпалярнымі афектыўнымі разладамі і дэпрэсіўнымі разладамі не бяруць на вучобу ў сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя ўстановы.
Нават калі абітурыент:ка мае найвышэйшыя адзнакі і рэзультаты экзаменаў, на некаторыя спецыяльнасці я:е не возьмуць праз даведку ад псіхіят:аркі, дзе будзе пазначаны такі дыягназ.
На самым версе ў спісе спецыяльнасцяў і хвароб стаяць тыя разлады, пры якіх забаронена атрымліваць адукацыю ва ўсіх прафесійна-тэхнічных, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых установах.
Сярод такіх хвароб — туберкулёз, дэменцыя і біпалярны афектыўны разлад з частымі і (або) цяжкімі маніякальнымі і (або) дэпрэсіўнымі эпізодамі, а таксама рэкурэнтны дэпрэсіўны разлад з частымі і цяжкімі дэпрэсіўнымі эпізодамі.
Калі мы ўявім сабе выдатні:цу, як:ая звярну:лася да раённа:й псіхіят:аркі і атрыма:ла адзін з гэтых двух дыягназаў, то ні ў адну беларускую ВНУ ці каледж яна ці ён паступіць не зможа.
Урывак з дзённіка
З псіхатэрапеўткай разбіралі, якія ў мяне асабіста ёсць прычыны не сканчаць жыццё самагубствам. Знайшлі адну: мама расстроіцца. Ад часу да часу я думаю, што гэта проста мая трусасць (баязлівасць — рэд.), і няма ніякіх іншых тлумачэнняў. Мне страшна перажываць сам працэс памірання — толькі і ўсяго. Хаця па сутнасці гэта невялікі ўнёсак у тое, каб урэшце ўсё гэта навокал скончылася. Ніякіх больш трывог, болю, журбы, высвятлення стасункаў, марных надзеяў, бессэнсоўнай барацьбы. Усё гэта так ці інакш скончыцца, дык навошта чакаць, пакуль гэта здарыцца само сабой, а не завяршыць усё зараз з уласнай волі? Трусасць. Трусасць.
Як падтрымаць падчас дэпрэсіі
Дэпрэсія паддаецца лячэнню — і чым раней чалавек звяртаецца па дапамогу, тым вышэй шанцы вярнуцца да якаснага жыцця. Сучасная псіхіятрыя спрабуе не ізаляваць, а інтэграваць людзей з псіхічнымі разладамі ў супольнасць — праз падтрымку, падбор прыдатнай фармы, тэрапію, адукацыю і прафілактыку.
А вось якая падтрымка асобе падчас дэпрэсіўнага эпізоду будзе найлепшай, можа вырашыць толькі яна сама. Лепшае, што можна зрабіць, — гэта проста запытацца, якой падтрымкі чакае чалавек.
Аднак дакладна варта памятаць, што падчас дэпрэсіўнага эпізоду на прыняцце нават простых рашэнняў у чалавека можа сыходзіць каласальны ментальны рэсурс, якога і так бракуе. Таму найлепшае, што можна зрабіць, — зняць з чалавека хаця б частку гэтага псіхалагічнага грузу.
Напрыклад, можна ўзяць на сябе нейкія побытавыя праблемы: прыгатаваць ці замовіць ежу, вынесці смецце, прыбрацца.
Калі асоба ў дэпрэсіўным эпізодзе не можа самастойна выбраць, прапануйце зрабіць выбар за яе. Фраза «Ты хочаш нешта канкрэтнае, ці я абяру на свой густ?» можа стаць вельмі карыснай.
Таксама можна пазбавіць чалавека ад неабходнасці самастойна шукаць псіхатэрапеўт:ку. Гугліць, запытваць кантакты, запісвацца на прыём — гэта можа здавацца простай задачай у звычайным стане, але падчас дэпрэсіі можа быць амаль непад’ёмнай. Таму добры варыянт для клапатлівых блізкіх — зрабіць гэта за чалавека.
Чаго дакладна не трэба рабіць, дык гэта заклікаць «сабрацца», «узяць сябе ў рукі» або «паглядзець, які прыгожы свет навокал». Хутчэй за ўсё, чалавек ужо не раз закліка:ла сам:у сябе да гэтага. Але, на жаль, такія заклікі не працуюць. Бяспройгрышны варыянт — паказаць, што чалавеку не трэба праходзіць праз гэта ў адзіноце.
Аўтарка: Дар’я Гардзейчык
Артыкул створаны ў рамках праекта «Together 4 values — JA», які сумесна рэалізуюць арганізацыі ІншыЯ і Razam e.V. пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі.

